ІНФРАЧЫРВО́НАЯ ТЭ́ХНІКА,

галіна прыкладной фізікі і тэхнікі, што ўключае распрацоўку і выкарыстанне ў навук. даследаваннях, вытв-сці і ваен. справе прылад і прыстасаванняў, прынцып дзеяння якіх засн. на выкарыстанні інфрачырвонага выпрамянення. Такія прылады бываюць актыўныя (маюць уласныя штучныя крыніцы выпрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваюць натуральныя крыніцы выпрамянення).

Да І.т. адносяць распрацоўку і стварэнне прыёмнікаў і крыніц інфрачырвонага выпрамянення, святлафільтраў (гл. Дысперсійныя фільтры), матэрыялаў, празрыстых у інфрачырвонай вобласці, прылад для вывучэння спектраў паглынання і выпрамянення (гл. Інфрачырвоная спектраскапія), прылад для назірання (гл. Электронна-аптычныя пераўтваральнікі) і фатаграфавання ў цемнаце, дыстанцыйнага вымярэння т-ры нагрэтых цел па іх цеплавым выпрамяненні (гл. Балометр, Пірометр), сушкі драўніны і лакафарбавых пакрыццяў, дыягностыкі захворванняў, скрытай сігналізацыі, зямной і касм. сувязі і інш. Гл. таксама Інфрачырвоная дэфектаскапія.

М.​І.​Дудо.

т. 7, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)